ЛАНДША́ФТНЫЯ КА́РТЫ,

паменшанае адлюстраванне ландшафтаў геаграфічных рознага рангу, іх структуры і размяшчэння. Адрозніваюць Л.к. агульнанавуковыя (размяшчэнне відаў ландшафтаў і асобных прыродных комплексаў), ацэначныя (ацэнка ландшафтаў па відах дзейнасці чалавека), прагнозныя (будучы стан ландшафту). На буйнамаштабных картах паказваюць фацыі, на сярэднемаштабных — урочышчы і мясцовасці, на дробнамаштабных — тыпалагічныя комплексы ландшафтаў (тыпы, роды, віды). На прыкладных Л.к. ацэньваецца патэнцыял прыдатнасці прыродных комплексаў для гасп. выкарыстання, неабходнасць іх аховы (інж.-геагр., ландшафтна-меліярацыйныя, медыка-геагр. і інш.). На Беларусі складзена сярэднемаштабная Л.к. (1984).

В.С.Аношка.

т. 9, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)